Увага! Дзень роднай мовы

21.02.2023

Што такое мова? Зразумела, кожны адкажа на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны па-свойму разумее значэнне гэтага слова. 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашага народа родная мова – беларуская. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская  мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету.

 Ва ўстанове адукацыі свята было арганізавана так, што да беларускасці дакрануўся кожны, ад вучня да дырэктара.

 Былі праведзены інфармацыйныя хвілінкі “Увага! Дзень роднай мовы”. Навучэнцы прынялі ўдзел у Рэспубліканскай дыктоўцы па беларускай мове, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы, у акцыі  “Навучы сябра гаварыць па-беларуску”.

Для вучняў 1-4 класаў была праведзена інфармацыйна-пазнавальная гульня “Беларускія залацінкі-хітрынкі”, арганізаваны прагляд відэаролікаў  “Чытаем вершы і прозу на роднай мове”.

Конкурс знаўцаў беларускай мовы “Грані слова” цікава прайшоў для вучняў 5-7 класаў. З вучнямі 9 класа была праведзена інтэрактыўная гульня “Родная мова, ты за ўсё даражэйшая”. Вучні 10-11 класаў прынялі ўдзел у віктарыне “Скарбы роднай мовы”. У школьнай бібліятэцы была наладжана выстава “Каб бацькоўская мова квітнела!”

Запомніцца вучням і настаўнікам сустрэча з Уладзімірам Ліпскім, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнікам, журналістам.

Свята атрымалася цудоўным. Яно было не толькі вясёлым, але і пазнавальным.

Дзень роднай мовы стаў асаблівым для кожнага. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.